4 клас












Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце
«Беларуская літаратура (літаратурнае чытанне)»
для ІV клаcа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі
з беларускай і  рускай мовамі навучання і выхавання















БЕЛАРУСКАЯ ЛIТАРАТУРА
(лiтаратурнае чытанне)

ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА
Вучэбны прадмет «Літаратурнае чытанне» з’яўляецца падрыхтоўчым этапам адзінай непарыўнай літаратурнай адукацыі. Мэта навучання літаратурнаму чытанню на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі – закласці у вучняў асновы культурнага чытача, які ўсведамляе каштоўнасць літаратуры як мастацтва слова, можа ажыццяўляць самастойную чытацкую дзейнасць па асобасным успрыманні і асэнсаванні адпаведных узросту твораў мастацкай літаратуры.
Для рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў навучанні літаратурнаму чытанню на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі вызначаны і вырашаюцца задачы па фарміраванні і развіцці ключавых кампетэнцый вучняў.
1. Сацыякультурнай кампетэнцыі:
забяспечыць усведамленне гуманістычных агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей на матэрыяле прачытаных ці праслуханых твораў;
прывучаць вучняў да паслядоўнага выканання культурных норм;
актывізаваць пазнавальныя памкненні вучняў у спасціжэнні беларускай нацыянальнай культуры, захаванні нацыянальна-культурных традыцый.
2. Асобаснай кампетэнцыі:
гарманічна фарміраваць навык чытання, комплекс чытацкіх уменняў, якія забяспечаць асэнсаванае ўспрыманне, поўнае, глыбокае разуменне і асобасную ацэнку маральнай праблематыкі і эстэтычнага плана твора;
стымуляваць імкненне да чытання кніг на беларускай мове;
выхоўваць павагу да кнігі як крыніцы самапазнання і развіцця.
3. Маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі:
развіваць вобразнае ўяўленне, маўленчую актыўнасць, здольнасць да літаратурнай творчасці на падставе ўспрынятых твораў мастацкай літаратуры;
фарміраваць агульнавучэбныя ўменні працы з тэкставай інфар-мацыяй розных відаў.
З улікам вызначаных задач, змест вучэбнага прадмета «Літаратурнае чытанне» павінен быць скіраваны на фарміраванне прыкладных аспектаў чытацкай кампетэнцыі вучняў на беларускай мове:
навыкаў чытання на беларускай мове (здольнасць правільна «агучваць» графічна зафіксаваны тэкст з разуменнем яго зместу);
уменняў асобасна асэнсаванага чытання мастацкіх і навукова-папулярных твораў, адпаведных узросту і ўзроўню валодання вучнямі маўленнем на беларускай мове;
прадуктыўнай чытацкай дзейнасці з тэкстам, кнігай на аснове комплексу бібліятэчна-бібліяграфічных уменняў.
Метадалагічнай асновай навучання літаратурнаму чытанню з’яўляюцца культуралагічны, асобасна арыентаваны, камунікатыўна-дзейнасны і кампетэнтнасны падыходы.
Культуралагічны падыход вызначаецца нацыянальна-культурным кантэкстам зместу вучэбнага прадмета «Літаратурнае чытанне», яго асноўнай асветніцкай функцыяй знаёмства вучняў з самабытнай беларускай народнай і аўтарскай літаратурнай традыцыяй, з’явамі матэрыяльнай і нематэрыяльнай культуры, сучаснай беларускай дзіцячай літаратурай як элементам культуры. У працэсе навучання адбываецца эмацыянальнае і разумовае пранікненне ў сутнасць нацыянальных культурных адметнасцей беларускай літаратуры. У кантэксце культуралагічнага падыходу стымулюецца пазнавальная актыўнасць вучняў у спасціжэнні гістарычных, навукова-папулярных, вобразна-мастацкіх звестак пра Беларусь, яе прыроду, гісторыю, традыцыі, побыт, міфалогію і г.д.
У сувязі з тым, што навучанне літаратурнаму чытанню мае выразныя сацыяльныя і псіхалагічныя перадумовы, а працэс авалодання дзейнасцю чытання індывідуалізаваны, вядучым метадалагічным падыходам навучання чытанню на беларускай мове з’яўляецца асобасна арыентаваны падыход. Асобасна арыентаваны падыход дае магчымасць авалодання чытацкай дзейнасцю па індывідуальнай адукацыйнай траекторыі, што гарантуе максімальнае развіццё вучня ў межах яго магчымасцей.
Камунікатыўна-дзейнасным падыходам абумоўлена рэалізацыя патэнцыялу вучэбнага прадмета «Літаратурнае чытанне» ў навучанні маўленню на беларускай мове. Чытацкая дзейнасць, фарміраванне якой адбываецца на ўроках літаратурнага чытання, з’яўляецца кампанентам (элементам) камунікатыўнай кампетэнцыі і забяспечвае апасродкаваную камунікацыю праз пісьмовы тэкст. Камунікатыўна-дзейнасны падыход праяўляецца ў працэсе навучання, калі прачытаны ці праслуханы твор становіцца дзейсным сродкам развіцця маўленчых уменняў для задавальнення камунікатыўнага намеру, авалодання вучнямі нормамі маўленчых зносін, ажыццяўлення камунікацыі на беларускай мове. Змест вучэбнага прадмета «Літаратурнае чытанне» скіраваны на засваенне этычных паводзін пры маўленчых зносінах у розных сітуацыях. Вучні знаёмяцца з этыкетнымі маўленчымі выразамі, на практычнай аснове вучацца прымяняць іх адпаведна камунікатыўнай сітуацыі.
Адукацыйны патэнцыял вучэбнага прадмета «Літаратурнае чытанне» праз прымяненне кампетэнтнаснага падыходу здольны забяспечыць фарміраванне ў вучняў элементаў ключавых кампетэнцый, неабходных для выкарыстання вынікаў навучання ў сацыяльным жыцці асобы, яе развіцця і сацыяльнай адаптацыі. Чытацкая дзейнасць вучняў, авалоданне якой неабходна для набыцця камунікатыўнай кампетэнцыі, разглядаецца ў кантэксце кампетэнтнаснага падыходу ў трох аспектах: як агульнавучэбнае ўменне, як від маўленчай дзейнасці і як літаратурна-эстэтычная дзейнасць.
У адпаведнасці з названымі метадалагічнымі падыходамі вызначаны прынцыпы адбору прадметнага зместу навучання: мастацка-эстэтычны, літаратуразнаўчы; уліку ўздзеяння на працэс навучання білінгвальнага асяроддзя; развіцця маўленчай дзейнасці; уліку ўзроставых і псіхалагічных асаблівасцей успрымання мастацкай літаратуры.
У адпаведнасці з мастацка-эстэтычным і літаратуразнаўчым прынцыпамі ў якасці вучэбнага матэрыялу прапануюцца высокамастацкія літаратурныя творы, адпаведныя ўзроставым псіхалагічным магчымасцям вучняў. Мастацка-эстэтычны прынцып з’яўляецца ўмовай падбору такога кола чытання, каб вучні мелі магчымасць пазнаёміцца з найлепшымі творамі беларускай дзіцячай літаратуры, якія з’яўляюцца нацыянальна-культурнай спадчынай беларускага народа. Згодна з літаратуразнаўчым прынцыпам, прапедэўтычны змест літаратурнай адукацыі адабраны такім чынам, каб забяспечыць бесканфліктны пераход да вывучэння беларускай літаратуры на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
Навучанне літаратурнаму чытанню ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму падпарадкоўваецца прынцыпу ўздзеяння на працэс навучання білінгвальнага асяроддзя. Гэты прынцып вызначае адбор зместу навучання, з дапамогай якога будзе пераадольвацца інтэрферэнцыйнае ўздзеянне рускай мовы пры фарміраванні навыку чытання, захаванні акцэнталагічнай нормы, разуменні лексічнага значэння слоў.
Прынцып развіцця маўленчай дзейнасці арыентуе на ўзаемазвязанае фарміраванне і развіццё ў вучняў маўленчых уменняў і навыкаў у працэсе чытання, слухання, гаварэння. На матэрыяле чытання пашыраецца і ўзбагачаецца слоўнікавы запас вучняў, фарміруюцца ўменні звязнага выказвання думак, засвойваецца літаратурная і маўленчая норма, развіваецца культура маўлення, культура суразмоўніцтва паміж настаўнікам і вучнямі.
Прынцып уліку ўзроставых і псіхалагічных асаблівасцей успрымання мастацкай літаратуры вызначае адбор у кола чытання разнастайных па тэматыцы і жанрах твораў з дынамічным сюжэтам, эмацыянальных, яркіх па форме і змесце. Гэтым прынцыпам вызначаецца ўзровень патрабаванняў да аб’ёму ведаў, уменняў і навыкаў вучняў па літаратурным чытанні; чытацкія уменні, а таксама літаратуразнаўчыя ўяўленні, падыходы да аналізу мастацкага твора, структуры ўрока чытання.
Для рэалізацыі пастаўленых задач у адпаведнасці з кампетэнтнасным падыходам, які скіроўвае на прымяненне вынікаў навучання ў жыццядзейнасці, змест вучэбнага прадмета «Літаратурнае чытанне» размеркаваны па раздзелах: «Фарміраванне базавых норм грамадзянскай, духоўнай і маральнай культуры вучняў праз асэнсаванне твораў», «Фарміраванне навыку чытання і агульнавучэбных уменняў», «Фарміраванне чытацкіх уменняў», «Фарміраванне самастойнай чытацкай дзейнасці з кнігай», «Фарміраванне ўяўленняў пра літаратуру як мастацтва слова», «Літаратурна-творчая дзейнасць і культура маўлення».
Раздзел «Фарміраванне базавых норм грамадзянскай, духоўнай і маральнай культуры вучняў праз асэнсаванне твораў» вылучаны для мэтанакіраванага фарміравання ў вучняў сістэмы каштоўнасных арыенціраў, выхавання маральна-этычных якасцей. Фарміраванне гуманістычнага светапогляду, выхаванне сістэмы нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей адбываецца ў працэсе аналізу і маральнай ацэнкі ўчынкаў і падзей, паказаных у творы. На матэрыяле ўспрынятых твораў вучні атрымліваюць звесткі пра нацыянальныя адметнасці беларускай культуры і побыту, далучаюцца да нацыянальных культурных традыцый. Пры чытанні і асэнсаванні мастацкіх твораў ажыццяўляецца апасродкаваная сацыялізацыя вучняў. На прыкладзе паводзін герояў твораў яны атрымліваюць дзейсны вопыт рэфлексіі ўласных паводзін і самавыхавання.
Пры фарміраванні навыку чытання асноўная ўвага скіроўваецца на асэнсаванне вучнямі асаблівасцей чытання па-беларуску (раздзел «Фарміраванне навыку чытання і агульнавучэбных уменняў»). З гэтай мэтай праводзіцца работа па авалоданні арфаэпічнымі (правільнае вымаўленне беларускіх гукаў [ў], [дз’], [дж], [г], [ж], [ч], [р], [ц’], спалучэння [шч], падоўжаных зычных, выразнае вымаўленне галосных, перадача націску) і графічнымі асаблівасцямі беларускай мовы (літары і, ў, апостраф), па ўсведамленні гэтых адрозненняў і іх паслядоўнай перадачы пры чытанні. У працэсе ўдасканалення тэхнікі чытання выпрацоўваецца правільнасць і асэнсаванасць чытання, авалоданне спосабамі чытання ўголас і сам сабе. Вырашаюцца задачы па фарміраванні ўменняў выразнага чытання праз усведамленне эмацыянальнага настрою твора і выкарыстанне сродкаў выразнасці (тон, тэмп, паўзы, лагічны націск). У адпаведнасці з кампетэнтнасным падыходам вучні павінны навучыцца карыстацца рознымі відамі чытання ў залежнасці ад задачы, якая ставіцца перад чытаннем тэксту.
У працэсе чытання і аналізу твораў гарманічна фарміруюцца навыкі чытання і комплекс чытацкіх уменняў, пералік якіх даецца ў раздзеле «Фарміраванне чытацкіх уменняў». На іх аснове вучні ўспрымаюць твор, асэнсоўваюць яго маральную праблематыку і эстэтычны план, выказваюць пра твор уласныя меркаванні. Асваенне вучнямі чытацкіх уменняў з’яўляецца неабходнай умовай фарміравання чытацкай кампетэнцыі.
У раздзеле «Фарміраванне самастойнай чытацкай дзейнасці з кнігай (пазакласнае чытанне)» акрэслены змест і спосабы дзейнасці, якімі павінны авалодаць вучні на занятках пазакласнага чытання. Самастойная праца вучня з кнігай з’яўляецца неад’емнай часткай фарміравання чытацкай дзейнасці, дае магчымасць удасканалення навыку чытання. Заняткі пазакласнага чытання маюць на мэце пашырэнне чытацкага кругагляду вучняў, фарміраванне ўменняў працаваць з кнігамі і свабодна арыентавацца ў свеце дзіцячых кніг беларускіх пісьменнікаў, дзіцячых перыядычных выданняў на беларускай мове, выхоўваць патрэбу ў самастойным чытанні. Веды пра кнігі і аўтараў набываюцца ў працэсе непасрэднай практычнай дзейнасці з дзіцячымі кнігамі – калектыўнай, індывідуальнай і групавой.
Навучальным матэрыялам для пазакласнага чытання з’яўляюцца кнігі. Для калектыўнай працы пад кіраўніцтвам настаўніка прапануюцца не хрэстаматыі, а ілюстраваныя кнігі ў тыповым афармленні (прозвішча аўтара, загаловак, ілюстрацыі).
У працэсе навучання літаратурнаму чытанню вучні на практычным узроўні атрымліваюць першапачатковыя звесткі пра літаратуру як мастацтва слова. У змесце раздзела «Фарміраванне ўяўленняў пра літаратуру як мастацтва слова» вызначаны асноўныя літаратуразнаўчыя звесткі, з якімі вучні знаёмяцца на практычнай аснове ў працэсе працы з мастацкім творам. Веды аб літаратуры як мастацтве слова фарміруюцца на ўзроўні першапачатковых ведаў праз асваенне вобразнай функцыі мастацкага слова, усведамленне аўтарскай прыналежнасці твора, практычнае знаёмства з жанрамі.
Раздзел «Літаратурна-творчая дзейнасць і культура маўлення» вызначае змест камунікатыўна арыентаванай творчай працы на аснове прачытанага ці праслуханага твора. Ажыццяўленне літаратурна-творчай дзейнасці на занятках літаратурнага чытання дае магчымасць актыўнага пашырэння і актывізацыі слоўніка вучняў, забяспечвае маўленчую практыку, спрыяе засваенню моўнай і маўленчай нормы, культуры маўленчых паводзін. На ўроках літаратурнага чытання фарміруюцца ўменні і навыкі гаварэння на беларускай мове. Творы мастацкай літаратуры з’яўляюцца ўзорам правільнага маўлення і стымулююць выказванні вучняў на пэўную тэму, абуджаюць іх эстэтычныя пачуцці і творчы пачатак. Звяртаецца ўвага на трапнасць, выразнасць, дасціпнасць беларускай мовы. Пры вывучэнні твораў навучэнцы вучацца арыентавацца ў суразмоўніцтве, планаваць маўленчую дзейнасць, выбіраць моўныя сродкі, адпаведныя мэтам камунікацыі, ажыццяўляць камунікацыю ў адпаведнасці з этычнымі патрабаваннямі. Пры гэтым адбываецца пашырэнне, узбагачэнне і актывізацыя слоўніка вучняў, абуджаецца дзіцячая творчасць.
У ІІІ-ІV класах асноўная ўвага скіроўваецца на фарміраванне чытацкіх уменняў для паглыбленага асэнсавання літаратурнага твора, яго эстэтычнага ўспрымання. Праводзіцца праца па ўспрыманні навукова-папулярнага твора з мэтай падрыхтоўкі да навучання на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, захавання пераемнасці. Значная ўвага на занятках павінна адводзіцца фарміраванню уменняў пошуку інфармацыі, асэнсаванага ўспрымання, абмеркавання і ацэнкі розных відаў інфармацыі, атрыманай з розных крыніц для матываванага вучэбнымі задачамі выкарыстання. Такая праца арганізуецца з выкарыстаннем адпаведных узросту перыядычных выданняў.
Працягваецца ўдасканаленне тэхнікі чытання, праводзіцца праца па развіцці артыкуляцыйнага апарату, пашырэнні поля зроку. Значная ўвага павінна быць нададзена фарміраванню ўменняў сама- і ўзаемакантролю чытання.
Заняткі па фарміраванні самастойнай чытацкай дзейнасці з кнігай (пазакласнае чытанне) у III класе праводзяцца згодна з методыкай асноўнага перыяду, а ў IV – заключнага перыяду навучання пазакласнаму чытанню. Заняткі пазакласнага чытання праводзяцца пасля вывучэння тэматычных раздзелаў кола чытання і займаюць увесь час урока.
У III-IV класах фарміраванне самастойнай чытацкай дзейнасці абавязкова ўключае наведванне бібліятэк з мэтай выбару кніг для чытання. Для абуджэння цікавасці і пазнавальнай актыўнасці вучняў мэтазгодна (па магчымасці) наведваць сацыякультурныя ўстановы.
На занятках літаратурнага чытання неабходна рэалізоўваць міжпрадметныя сувязі з іншымі вучэбнымі прадметамі: беларускай мовай (складанне невялікіх апавяданняў пра герояў мастацкіх твораў, складанне працягу твора, знаходжанне слоў на вывучаныя арфаграфічныя правілы і інш.); выяўленчым мастацтвам (разглядванне і слоўнае апісанне рэпрадукцый карцін па тэмах, сугучных тэмам вывучаемых твораў, ілюстраванне асобных эпізодаў мастацкага твора, удзел у выставах малюнкаў і іншых творчых работ паводле вывучаных твораў і інш.); музыкай (слуханне музычных твораў у адпаведнасці з мэтавымі ўстаноўкамі ўрока, назіранне за стварэннем вобразаў у літаратуры і музыцы, знаёмства з творамі музычнага мастацтва, у аснову якіх пакладзены паэтычныя творы, у тым ліку фальклорныя і інш.); працоўным навучаннем (рамонт кніг, выраб кніг-самаробак, практычнае знаёмства з элементамі кнігі, выкарыстанне элементаў калектыўнай творчасці (аплікацыя, лепка паводле вывучаных мастацкіх твораў і інш.).
На вучэбных занятках рэкамендуецца выкарыстоўваць разнастайныя метады навучання і выхавання: расказ, гутарка, самастойная работа, наглядныя метады, выкананне творчых работ і інш. З мэтай актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў выкарыстоўваюцца метады праблемнага навучання, інтэрактыўныя, эўрыстычныя, гульнявыя метады, дыскусіі, метад праектаў і інш.
Мэтазгодна спалучаць франтальныя, групавыя, парныя і індывідуальныя формы навучання, выкарыстоўваць такія віды ўрокаў, як урок-даследаванне, урок-практыкум, урок-казка, урок-гульня, інтэграваны ўрок і інш.
Выбар форм і метадаў навучання і выхавання вызначаецца настаўнікам самастойна на аснове мэт і задач вывучэння пэўнай тэмы, сфармуляваных у вучэбнай праграме патрабаванняў да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў з улікам іх узроставых і індывідуальных асаблівасцей.

Змест вучэбнага прадмета
70 гадзін, з іх 58 гадзін чытанне раздзелаў вучэбнага дапаможніка і абагульненне ведаў па раздзелах чытання, 9 гадзін пазакласнае чытанне, 2 гадзіны абавязковы кантроль навыку чытання, 1 гадзіна праверка сфарміраванасці чытацкіх уменняў

Кола чытання і слухання
Жанрава-відавая разнастайнасць кола чытання: народныя прыкметы, легенды, паданні, народныя і аўтарскія казкі, апавяданні, вершы, жарты, байкі, перыёдыка (дзіцячыя газеты і часопісы), тлумачальны і перакладны слоўнікі, даведнікі.
Аўтарская і тэматычная разнастайнасць кола чытання: творы  класікаў і сучасных аўтараў пра Радзіму, гераічныя ўчынкі ў імя Радзімы, пра працу людзей і адносіны да яе, стаўленне людзей адзін да аднаго, пра павагу, клопат, удзячнасць да старэйшых, пра жыццё дзяцей і дарослых, пра ўзаемаадносіны дзяцей у калектыве і ў сям’і; творы, якія раскрываюць узаемаадносіны паміж чалавекам і прыродай; вясёлыя, забаўныя творы, якія развіваюць у дзяцей пачуццё гумару; пазнавальныя артыкулы пра жывую і нежывую прыроду, чалавека, машыны і рэчы, свет прыгод, падарожжаў і фантастыкі, стаўленне да людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Асноўныя раздзелы чытання.
Рэкамендаваны пералік твораў
Рэкамендаваны пералік твораў складаецца са спіса твораў для чытання і вывучэння ў класе і спіса твораў для пазакласнага чытання. Спіс твораў для пазакласнага чытання з’яўляецца пашыраным і прыкладным. Ён мае рэкамендацыйны характар. Настаўнік можа выбраць для пазакласнага чытання тыя творы, якія прадстаўлены ў кніжных фондах бібліятэкі ўстановы адукацыі і раённай бібліятэкі.

1. Чалавек і прырода (8 гадзін, з іх 1 гадзіна
на пазакласнае чытанне)
Для чытання і вывучэння ў класе
Віктар Гардзей. «Жнівень».
Іван Грамовіч. «Выпаў снег».
Рыгор Ігнаценка. «Бабіна лета».
Якуб Колас. «Усход сонца».
Ганна Скаржынская-Савіцкая. «Чаму пралескі сінія».
Уладзімір Ягоўдзік. «Жаўрук».
Фальклорны матэрыял: народныя загадкі пра з’явы прыроды.

Д л я  п а з а к л а с н а г а  ч ы т а н н я
Канстанцыя Буйло. «Мой Мурка», «У лесе».
Анатоль Бутэвіч. «Як сасна з бярозай пасябравала».
Святлана Быкава. «Свавольніцы», «Заранка», «Гарэза-праменьчык».
Змітрок Бядуля. «Сняжыначкі-пушыначкі».
Алена Васілевіч. «Геша».
Янка Галубовіч. «Забаўнае паляванне», «Сцяжынка», «Што аднаму цяжка, тое гуртам лёгка».
Віктар Гардзей. «Залаты лістапад».
Цішка Гартны. «Восень»
Ніл Гілевіч. «Цуд тварыўся — я праспаў…», «Здарэнне ў лесе».
Пятро Глебка. «На пачатку лета».
Уладзімір Дубоўка. «Восень», «Раскрытая кніга», «Хто дужэйшы?».
Васіль Жуковіч. «Скалечаны голуб», «У зялёным лузе».
Янка Журба. «Першыя сняжынкі».
Віктар Кажура. «Пакацілася сонейка».
Клаўдзія Каліна. «Красавік», «Стракатая сойка».
Казімір Камейша. «Зімовы верш».
Аляксандр Капусцін. «Казка старой сасны».
Галіна Каржанеўская. «Мышка», «Дзе ты, Боця?».
Якуб Колас. «Каля рэчкі», «Летам».
Мікола Корзун. «Міколкаў барометр».
Янка Купала. «Вясна».
Эдуард Луканскі. «Верабейка».
Міхась Лынькоў. «Ластаўчына талака». 
Валянцін Мыслівец. «Жураўлі і жураўка».
Генадзь Пашкоў. «Палессе», «Раніца ў пушчы», «У жытнім полі».
Зіновій Прыгодзіч. «Джэк і Рыжык».
Павел Ткачоў. «Тася».
Кацярына Хадасевіч-Лісавая. «У кожнага свае справы».
Іван Шамякін. «Воўк».

2. Чалавек і яго род (7 гадзін, з іх 1 гадзіна –
на пазакласнае чытанне)
Для чытання і вывучэння ў класе
Ніл Гілевіч. «Я – беларус».
Анатоль Грачанікаў. «Бацькоўскі парог».
Уладзімір Ліпскі. «Пошук радаводных крыніц».
Барыс Сачанка. «Адкуль пайшоў твой род?».
Алесь Карлюкевіч. «Вавёрка піша сачыненне».

Д л я  п а з а к л а с н а г а  ч ы т а н н я
Эдзі Агняцвет. «Слова пра маці».
Лёля Багдановіч. «Адзіная, як маці!».
Васіль Вітка. «Вавёрчына гора».
Артур Вольскі. «Татаў родны куток».
Янка Купала. «Над калыскай».
Уладзімір Ліпскі. «Праўдзівы аповед пра твой і мой радавод».
Алесь Ставер. «Унуку».
Васіль Сумараў. «Мой дом».
Віктар Швед. «Я нарадзіўся беларусам».
Васіль Шырко. «Дзед Манюкін і ўнукі».

3. Чалавек і Радзіма (8 гадзін, з іх 1 гадзіна –
на пазакласнае чытанне)
Для чытання і вывучэння ў класе
Пятрусь Броўка. «Дарагая Беларусь».
Канстанцыя Буйло. «Люблю».
Навум Гальпяровіч. «Бацька гарадоў беларускіх» (урывак).
Уладзімір Карызна. «Люблю цябе, Белая Русь».
Алесь Каско. «Горад з Белаю вежаю».
Уладзімір Ліпскі. «Беларусь».

Д л я  п а з а к л а с н а г а  ч ы т а н н я
Эдзі Агняцвет. «Кліча вецер свежы».
Анатоль Астрэйка. «Родная краіна».
Артур Вольскі. «Славы даўняй адгалосак», «Мой скарб».
Алесь Гурло. «Мой край».
Васіль Жуковіч. «Цудоўная краіна», «Беларус», «Няма даражэйшай зямлі», «Беларуская старонка» «Францішак Скарына».
Анатоль Зэкаў. «Па-беларуску і па-руску», «Чатыры зярняткі».
Уладзімір Карызна. «Песня аб родным».
Яўген Крупенька. «Два словы»
Уладзімір Ліпскі. «Замак без замка», «Салігорскія агні».
Уладзімір Мазго. «Мірскі замак».
Мікола Маляўка. «Полацк».
Георгій Марчук. «Як Несцерка французаў перахітрыў».
Міхась Пазнякоў. «Адказ сыну», «Радзіма», «У бары», «Заўжды вярнуся».
Алесь Пісьмянкоў. «Мы — беларусы».
Кастусь Цвірка. «Там яна».
Вольга Шпакевіч. «Мая зямля».
Уладзімір Ягоўдзік. «Нясвіжскі палац», «Статут Вялікага Княства», «Сынковіцкая царква».

4. Чалавек, слова і кніга (6 гадзін, з іх 1 гадзіна –
на пазакласнае чытанне)
Для чытання і вывучэння ў класе
Алеся Станюк. «Чаму?».
Кастусь Цвірка. «У кнігарні».
Артур Вольскі. «Роднае слова».
Леанід Дайнека. «Любіце мову».
Фальклорны матэрыял: прыказкі пра слова і кнігу.

Д л я  п а з а к л а с н а г а  ч ы т а н н я
Мікола Арочка. «Цяжкае пытанне».
Лёля Багдановіч. «Мы дзеці мовы беларускай».
Пятрусь Броўка. «Родныя словы».
Тамара Бунта. «Добры дзень!».
Васіль Вітка. «Слова», «Шляхі-дарогі».
Васіль Жуковіч. «Кніга».
Анатоль Зэкаў. «Дзве мовы».
Анатоль Канапелька. «Роднае слова».
Міхась Пазнякоў. «Скарына».
Пімен Панчанка. «Хлебныя словы».
Генадзь Пашкоў. «Родная мова».
Пятро Прыходзька. «Твая мова».
Юрась Свірка. «Словы».
Мікола Чарняўскі. «Прыгода з Коскаю».

5. Чалавек і мастацтва (7 гадзін, з іх 1 гадзіна –
на пазакласнае чытанне)
Для чытання і вывучэння ў класе
Анатоль Грачанікаў. «Народ і песні».
Мікола Чарняўскі. «Слуцкія паясы».
Янка Купала. «Песня і казка».
Эдуард Валасевіч. «Шпачыны канфуз».
Фальклорны матэрыял: легенда «Адкуль песня беларуская», беларуская народная казка «Музыка-чарадзей».

Д л я  п а з а к л а с н а г а  ч ы т а н н я
Тамара Бунта. «Урок музыкі».
Змітрок Бядуля. «Дудачка».
Анатоль Дзеружынскі. «Наш беларускі ручнік».
Максім Танк. «Казка пра музыку».
Уладзімір Карызна. «Іграй, жалейка, не змаўкай…».
Мікола Чарняўскі. «Цымбалы».
Уладзімір Ягоўдзік. «Слуцкія паясы».

6. Быць на зямлі чалавекам (9 гадзін, з іх 1 гадзіна –
на пазакласнае чытанне)
Для чытання і вывучэння ў класе
Ніл Гілевіч. «Калі рана ўстанеш».
Васіль Вітка. «Дзень нараджэння».
Ніна Мацяш. «Калыханка маме».
Васіль Жуковіч. «Першая настаўніца».
Павел Ткачоў. «Хітрун».
Фальклорны матэрыял: прыказкі пра дружбу, беларуская народная казка «Стары бацька».
Уладзімір Правасуд. «Фанабэрысты Мухамор».
Васіль Гурскі. «Верныя сябры».

Д л я  п а з а к л а с н а г а  ч ы т а н н я
Эдзі Агняцвет. «Першае слова».
Іван Аношкін. «Ленус-хранікалюс», «Дружная сямейка».
Рыгор Барадулін. «Грамат не хапіла».
Тамара Бунта. «Дзіўная сінічка».
Ядзвіга Бяганская. «Атося».
Змітрок Бядуля. «Казка пра мядзведзя».
Эдуард Валасевіч. «Мітрафан і дэльтаплан», «Сама», «Арэхі і агрэхі», «Кот і вожык», «Арэх і жаба».
Алена Васілевіч. «Маміна свята».
Васіль Вітка. «Самая дарагая рэч у нашым доме», «Добры знак»
Ніна Галіноўская. «Фантазёр».
Сцяпан Гаўрусёў. «Пад апекаю бацькоў».
Васіль Жуковіч. «Трэба», «Свет — дзівосны».
Яўген Мартыновіч. «Як сябры дапамаглі Пыху».
Георгій Марчук. «Прыгоды дзяўчынкі Агапкі і ката Фокуса».
Алена Масла. «Цудадзейныя лекі».
Уладзімір Корбан. «Казёл і Муха».
Анатоль Крэйдзіч. «Сінічкі міратворцы».
Міхаіл Пазнякоў. «Хітры Іванка», «Цукеркі».
Уладзімір Правасуд. «Вузел».
Пятро Рунец. «Аднойчы вечарам».
Міхась Скрыпка. «Індык», «Апанас», «Звяглівы Лыска».
Максім Танк. «Конь і леў», «Казка пра мядзведзя», «Сярод лясоў наднёманскіх».
Андрэй Федарэнка. «Памылка».
Мікола Чарняўскі. «Чарадзейныя пруткі».
Вольга Шпакевіч. «Любіце родных».
Фёдар Янкоўскі. «І за гарою пакланюся».

7. Чалавек і грамадства (5 гадзіны, з іх 1 гадзіна
на пазакласнае чытанне)
Для чытання і вывучэння ў класе
Уладзімір Корбан. «Пчала і Ружа».
Віктар Шымук. «Лёгка нам нічога не даецца».
Фальклорны матэрыял: беларускія народныя казкі «Ад крадзенага не пасыцееш», «Андрэй за ўсіх мудрэй».
Д л я  п а з а к л а с н а г а  ч ы т а н н я
Лёля Багдановіч. «Праспалі свята».
Алесь Бадак. «Воўк і навука».
Анатоль Бутэвіч. «Бунт у каралеўстве Віндаўса Вялікага».
Сяргей Давідовіч. «Кемлівы Заяц!».
Анатоль Зэкаў. «Чатыры зярняткі».
Кастусь Ладуцька. «З Брэсцкай Тамашоўкі».
Легенды. «Золата ў прыполе», «Ліхая доля».
Павел Місько. «Добры чалавек»
Ганна Скаржынская-Савіцкая. «Прывід», «Перахітрыў».
Максім Танк. «Падарожжа мураша Бадзіні».
Кацярына Хадасевіч-Лісавая. «Велапрабег з прыгодамі», «Ліст да Дзеда Мароза», «Чароўная ракавіна», «Вухуцік».
Мікола Чарняўскі. «Урок ветлівасці».
Іван Шуцько. «Труцень і пчолкі».

8. Чалавек на планеце Зямля (7 гадзін, з іх 1 гадзіна –
на пазакласнае чытанне)
Для чытання і вывучэння ў класе
Пятрусь Броўка. «А ты хоць дрэва пасадзіў?».
Міхаіл Пазнякоў. «Клён».
Уладзімір Правасуд. «Вадзянік і Лесавік».
Генадзь Пашкоў. «Выратаванне вожыка».
Янка Сіпакоў. «Беручы — аддаваць».
Міхаіл Даніленка. «Журка».

Д л я  п а з а к л а с н а г а  ч ы т а н н я
Артур Вольскі. «Боль Чарнобыля».
Ніна Галіноўская. «Хата для шпакоў».
Мікола Гамолка. «Васілёва бярозка».
Ніл Гілевіч «Сіняя пушча».
Хведар Гурыновіч. «Давайце пасадзім па дрэўцу», «Праталіны».
Уладзімір Правасуд. «Мядзведзевы забавы».
Язэп Пушча. «Белавежа».
Іван Шамякін. «Чорны прамень».
Мікола Янчанка. «Як я расой лячыўся».

9. Лёс чалавека на вайне (5 гадзін, з іх 1 гадзіна
на пазакласнае чытанне)
Для чытання і вывучэння ў класе
Янка Брыль. «Зялёная школа».
Мікола Чарняўскі. «Клятва Марата Казея».
Мікола Янчанка. «Сустрэча з бацькам».
Пятрусь Броўка. «А хіба ёсць, што забываюць?».

Д л я  п а з а к л а с н а г а  ч ы т а н н я
Апавяданні з кнігі «Ніколі не забудзем».
Анатоль Астрэйка. «Плошча Перамогі».
Анатоль  Грачанікаў.  «Каля  помніка  партызанскай  славы “Прарыў”».
Аркадзь Куляшоў. «Над спаленай вёскай».
Янка Маўр. «Дом пры дарозе», «Завошта».
Пімен Панчанка. «Дзеці вайны».
Іван Шамякін. «Алёша-разведчык».
Георгій Шыловіч. «Была нядзеля…».

10. Чалавек, космас і Сусвет (5 гадзін)
Для чытання і вывучэння ў класе
Васіль Жуковіч. «Хараство Сусвету».
Пётр Клімук. «На касмічным караблі».
Кастусь Цвірка. «Да зорак».
Алена Масла. «Калючык і космас».
Уладзімір Мазго. «Суседзі па Сусвеце».

Фарміраванне базавых нормаў грамадзянскай, духоўнай і маральнай культуры вучняў праз асэнсаванне твораў
Вызначэнне маральна-этычнай праблематыкі твора і асэнсаванне яе актуальнасці (адносіны да Радзімы і людзей, навакольнага асяроддзя, уласнай працы і працы іншых людзей, асэнсаванне чалавекам сваіх паводзін).
Вызначэнне праяў чалавечых якасцей і пачуццяў праз учынкі персанажаў твора, рэфлексія ўласных чалавечых якасцей (павага, кемлівасць, спагадлівасць, дасціпнасць, спрыт, розум, працавітасць, смеласць, любоў, сяброўства, міласэрнасць, дабро, зло, гонар, сумленне, абавязак, праўдзівасць, добразычлівасць, хцівасць і інш.).
Выказванне ўласнымі словамі эстэтычных пачуццяў, выкліканых творам (перажыванне адчування прыгожага, замілавання малюнкамі прыгожага, захаплення выразнасцю мовы са спасылкай на твор).
Самастойнае вызначэнне культуралагічнай інфармацыі ў творы і асэнсаванне яе каштоўнасці (гераічныя гістарычныя падзеі, беларускія народныя традыцыі, элементы бытавой і духоўнай культуры, славутыя асобы Беларусі, нацыянальныя рысы характару), знаходжанне на геаграфічнай карце населеных пунктаў, рэк, азёр, пра якія распавядаецца ў творах.
Знаёмства на матэрыяле літаратурных твораў з нацыянальнымі славутасцямі (Нацыянальная бібліятэка, БелАЗ і інш.), знакамітымі асобамі (Еўфрасіння Полацкая, Сімяон Полацкі, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Тадэвуш Касцюшка, Соф’я Слуцкая і інш.), арганізацыя пошуку дадатковай тэкставай і ілюстрацыйнай інфармацыі пра іх з розных крыніц.
Арганізацыя пошуку тэкставай і ілюстрацыйнай інфармацыі пра кнігу і пісьменнасць (разнастайнасць кніг па прызначэнні і выкарыстанні).

Фарміраванне навыку чытання
і агульнавучэбных уменняў
Развіццё правільнага і асэнсаванага чытання сам сабе цэлымі словамі, спалучэннямі слоў, сэнсавымі блокамі. Чытанне сам сабе, пераход да паглыбленага разумення тэксту. Змяненне тэмпу чытання ў залежнасці ад узроўню разумення ў працэсе чытання.
Захаванне правільнага націску ў словах са знакам націску.
Практычнае знаёмства з рознымі відамі чытання: раўнамерна ўважлівае, вывучальнае (паглыбленае), праглядавае, азнаямляльнае, выбарачнае, пошукавае, інтэнсіўнае, каменціраванае.
Выкарыстанне слоўнікаў (тлумачальны, перакладны) і даведнікаў (энцыклапедыі) для атрымання патрэбнай вучэбнай інфармацыі.
Знаходжанне твора ў дапаможніку з арыентацыяй на змест. Выкананне заданняў у адпаведнасці з пазначэннямі рубрык. Знаходжанне назвы твора, імя і прозвішча яго аўтара. Прыгадванне знаёмых твораў гэтага аўтара.
Самастойнае вызначэнне мэты выразнага чытання (што трэба перадаць слухачам пры чытанні). Прымяненне сродкаў выразнасці пры чытанні: выбар тону ў адпаведнасці з эмацыянальным станам дзеючай асобы, выдзяленне з дапамогай лагічнага націску важных у сэнсавых адносінах слоў.
Ажыццяўленне сама- і ўзаемакантролю за правільнасцю і выразнасці чытання ўголас.

Фарміраванне чытацкіх уменняў
Прагназаванне зместу твора да чытання па загалоўку, пачатку, ілюстрацыях.
Работа над загалоўкам твора: суаднясенне загалоўка з тэмай і галоўнай думкай твора, знаходжанне патрэбнага загалоўка сярод прапанаваных, самастойнае прыдумванне загалоўкаў.
Работа над мовай твора: вылучэнне незразумелых слоў і выразаў, высвятленне іх значэння праз кантэкст, з дапамогай тлумачальнага і перакладнога слоўнікаў. Вылучэнне слоў, падобных па гучанні да слоў рускай мовы, і дыферэнцыяцыя іх значэнняў. Вылучэнне з тэксту эмацыянальна-ацэначных слоў, слоў-сінонімаў, асэнсаванне іх функцыянальнага прызначэння (чаму гэта слова выбраў аўтар, як яно характарызуе героя). Знаходжанне ў тэксце вобразных слоў і выразаў, тлумачэнне іх значэння і выяўленне вобразнай функцыі шляхам слоўнага малявання.
Работа над вобразам персанажа: вызначэнне дзейных асоб твора, галоўныя і другарадныя дзейныя асобы, іх узаемаадносіны, учынкі, матывы ўчынкаў. Эмацыянальны стан дзейных асоб, аўтарская характарыстыка герояў па іх паводзінах, учынках, параўнанне персанажаў. Знаходжанне ў тэксце матэрыялу для характарыстыкі героя: чытанне і аналіз партрэта героя, апісання яго жылля, мовы. Вызначэнне мастацкіх вобразаў, іх слоўнае маляванне.
Работа над зместам і ідэяй твора: устанаўленне прычынна-выніковых сувязей паміж падзеямі ў творы. Суаднясенне дзейнай асобы і ўчынка. Вызначэнне матываў учынка. Узнаўленне ва ўяўленні малюнкаў жыцця, зробленых пісьменнікам. Падзел твора на сэнсавыя часткі, азагалоўліванне частак у рознай форме (апавядальныя, пытальныя, назыўныя сказы). Распазнаванне аўтара ў творы: адносіны аўтара да героя, яго ўчынкаў, прамая аўтарская ацэнка ці ўтоеная. Самастойнае вызначэнне тэмы твора. Асэнсаванне таго, што хацеў сказаць аўтар, для чаго ён напісаў гэты твор, фармулёўка асноўнай думкі. Вызначэнне мастацкіх вобразаў у вершаваным творы.
Работа па вызначэнні асобаснага стаўлення вучня да твора: выказванне ўласных адносін да персанажа і яго ўчынкаў. Абуджэнне здольнасці разумець пачуцці людзей, аналізаваць уласныя пачуцці і перажыванні на прыкладзе герояў твора.

Фарміраванне самастойнай чытацкай дзейнасці
з кнігай
(пазакласнае чытанне, заключны этап)
Арыентацыя ў коле кніг на вызначаную настаўнікам тэму і па ўласным выбары.
Самастойны выбар і чытанне кніг на тэму, рэкамендаваную настаўнікам.
Карыстанне пад кіраўніцтвам настаўніка (бібліятэкара) электронным каталогам бібліятэкі, складанне спіса.
Самастойнае знаёмства з новай кнігай (вызначэнне па інфармацыі на вокладцы, тытульным лісце аўтара і назвы кнігі, прозвішча мастака; прагназаванне зместу кнігі да яе чытання па інфармацыі на вокладцы, тытульным лісце, знаходжанне твора ў змесце.
Складанне выказвання аб прачытанай кнізе (героі кнігі і іх характарыстыка, змест твора, з чаго пачалося дзеянне, што адбылося, чым закончылася; суаднясенне ілюстрацый у кнізе са зместам твора, чым цікавая прачытаная кніга).

Фарміраванне ўяўленняў пра літаратуру
як мастацтва слова
Дыферэнцыяцыя вывучаемых твораў па жанры: апавяданне, казка, верш.
Вызначэнне асаблівасцей байкі, знаходжанне гэтых асаблівасцей у прачытаных творах.
Практычнае засваенне ў працэсе працы над творам значэння паняццяў «аўтар» («пісьменнік», «паэт»), «тэма», «галоўная думка», «падзея, сувязь падзей», «кампазіцыя», «герой» («дзейная асоба», «персанаж»)», «учынак», «характарыстыка героя», «мастацкае (вобразнае) слова», «пейзаж» («карціна прыроды»), «рыфма», «рытм», «жанр», «апавяданне», «казка», «легенда», «паданне», «верш», «байка».
Устанаўленне суадносін «тэма – твор – аўтар – кніга».
Пачатковыя звесткі аб выкарыстанні пісьменнікам сродкаў мовы для стварэння малюнкаў прыроды, паказу падзей, характарыстыкі дзейных асоб (азначэнне, параўнанне, інтанацыя, пабудова сказа, парадак слоў). Уяўленне пра мнагазначнасць слова, пераноснае значэнне слова, народныя параўнанні, устойлівыя выразы, прыказкі, прымаўкі.
Персаналіі класікаў беларускай літаратуры: Артур Вольскі, Янка Брыль.

Літаратурна-творчая дзейнасць
і культура маўлення
Выразнае чытанне па ролях фрагментаў твораў;
інсцэніраванне эпізодаў з прачытанага твора;
слоўнае маляванне дзейнай асобы, карціны прыроды;
падрабязны пераказ апавядальнага тэксту ці яго часткі па плане;
выбарачны пераказ апавядальнага тэксту па апорных словах;
прыдумванне папярэдніх падзей ці заканчэння апісаных у творы падзей;
прыдумванне сюжэта, аналагічнага прачытанаму, з іншымі пер-санажамі;
этыка паводзін пры суразмоўніцтве;
пашырэнне ведаў маўленчага этыкету (этыкетныя формы просьбы, адмовы, ухвалення);
завучванне вершаў з дапамогай апорных слоў; выразная дэкламацыя вершаваных твораў;
ацэнка пачутага маўлення (правільнасць, лагічнасць, вобразнасць);
этыка маўленчых паводзін у грамадскім транспарце, магазіне, музеі, тэатры.

АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ ДА ВЫНІКАЎ
ВУЧЭБНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ вучняў
В е д а ц ь:
прозвішчы аўтараў, назвы і змест 5 твораў, якія вывучаліся;
на памяць вершы: Якуб Колас. «Усход сонца», Ніл Гілевіч. «Я – беларус», Уладзімір Карызна. «Люблю цябе, Белая Русь», Васіль Жуковіч. «Першая настаўніца», Пятрусь Броўка. «А ты хоць дрэва пасадзіў?».
У м е ц ь (валодаць спосабамі пазнавальнай дзейнасці):
правільна і асэнсавана чытаць сам сабе цэлымі словамі (незразумелыя і шматскладовыя словы па складах);
выразна, правільна і асэнсавана чытаць тэкст уголас з захаваннем інтанацыі сказа, паўз, патрэбнага тону і тэмпу, перадаваць рытм пры чытанні верша;
вызначаць дзейных асоб, называць галоўнага героя, вызначаць яго ўчынак, прычыну ўчынку;
вылучаць у тэксце мастацкія (вобразныя) словы;
маляваць словамі карціну прыроды;
вылучаць сэнсавыя часткі апавядальнага твора, вызначаць галоўнае ў кожнай частцы;
самастойна падрабязна пераказваць невялікі апавядальны тэкст ці яго частку па калектыўна складзеным плане;
прыводзіць прыклады верша, казкі з вывучаных твораў;
самастойна арыентавацца ў кнізе па змесце;
вызначаць прыкладны змест кнігі па яе знешніх паказчыках (прозвішча аўтара, загаловак, ілюстрацыі на вокладках і ў кнізе);
самастойна выбіраць кнігі для чытання па прапанаванай настаўнікам тэме з дапамогай кніжнай выстаўкі або адкрытага падыходу да кніжных паліц.
В ы к а р ы с т о ў в а ц ь  н а б ы т ы я  в е д ы  і  ў м е н н і  ў  п р а к т ы ч н а й  д з е й н а с ц і  і  п а ў с я д з ё н н ы м  ж ы ц ц і:
ацэньваць уласныя паводзіны і жыццёвыя сітуцыі з пазіцый маральных норм і культурных каштоўнасцей;
асэнсавана чытаць творы, адпаведных узросту;
асэнсавана ўспрымаць вусную і пісьмовую інфармацыю для задавальнення пазнавальных інтарэсаў;
выбіраць кнігі ў класным кутку чытання, бібліятэцы па вызначанай тэматыцы;
абменьвацца думкамі па прачытаным ці праслуханым творы;
узбагачаць эмацыянальна-каштоўнасны вопыт успрымання твораў розных відаў мастацтва і выказваць свае ўражанні.




Комментариев нет:

Отправить комментарий