3 клас



УТВЕРЖДЕНО
Постановление
Министерства образования
Республики Беларусь
27.07.2017  № 90













Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце
«Беларуская літаратура (літаратурнае чытанне)»
для ІІI клаcа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі
з беларускай і  рускай мовамі навучання і выхавання




















Тлумачальная запіска

Вучэбны прадмет «Літаратурнае чытанне» ўваходзіць у адукацыйную галіну «Беларуская літаратура», з’яўляецца падрыхтоўчым этапам адзінай непарыўнай літаратурнай адукацыі.
Мэта навучання літаратурнаму чытанню на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі — закласці ў вучняў асновы культурнага чытача, які ўсведамляе каштоўнасць літаратуры як мастацтва слова, можа ажыццяўляць самастойную чытацкую дзейнасць па асобасным успрыманні і асэнсаванні адпаведных узросту твораў мастацкай літаратуры.
Для рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў навучанні літаратурнаму чытанню на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі вызначаны і вырашаюцца задачы па фарміраванні і развіцці ключавых кампетэнцый вучняў.
1. Сацыякультурная кампетэнцыя:
     l забяспечыць усведамленне гуманістычных агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей на матэрыяле прачытаных ці праслуханых твораў;
     l прывучаць навучэнцаў да паслядоўнага выканання культурных норм;
     l актывізаваць пазнавальныя памкненні навучэнцаў у спасціжэнні беларускай нацыянальнай культуры, захаванні нацыянальна-культурных традыцый.
2. Асобасная кампетэнцыя:
     l гарманічна фарміраваць навык чытання, комплекс чытацкіх уменняў, якія забяспечаць асэнсаванае ўспрыманне, поўнае, глыбокае разуменне і асобасную ацэнку маральнай праблематыкі і эстэтычнага плана твора;
     l стымуляваць імкненне да чытання кніг на беларускай мове;
     l выхоўваць павагу да кнігі як крыніцы самапазнання і развіцця.
3. Маўленча-камунікатыўная кампетэнцыя:
     l развіваць вобразнае ўяўленне, маўленчую актыўнасць, здольнасць да літаратурнай творчасці на падставе ўспрынятых твораў мастацкай літаратуры;
     l фарміраваць агульнавучэбныя ўменні працы з тэкставай інфармацыяй розных відаў.
Зыходзячы з вызначаных задач змест вучэбнага прадмета «Літаратурнае чытанне» павінен быць скіраваны на фарміраванне прыкладных аспектаў чытацкай кампетэнцыі вучняў на беларускай мове:
     l навыкаў чытання на беларускай мове (здольнасць правільна агучваць графічна зафіксаваны тэкст з разуменнем яго зместу);
     l уменняў асобасна асэнсаванага чытання мастацкіх і навукова-папулярных твораў, адпаведных узросту і ўзроўню валодання вучнямі маўленнем на беларускай мове;
     l прадуктыўнай чытацкай дзейнасці з тэкстам, кнігай на аснове комплексу бібліятэчна-бібліяграфічных уменняў.
Метадалагічнай асновай навучання літаратурнаму чытанню з’яўляюцца культуралагічны, асобасна-арыентаваны, камунікатыўна-дзейнасны і кампетэнтнасны падыходы.
Культуралагічны падыход вызначаецца нацыянальна-культурным кантэкстам зместу вучэбнага прадмета «Літаратурнае чытанне», яго асноўнай асветніцкай фукцыяй знаёмства вучняў з самабытнай беларускай народнай і аўтарскай літаратурнай традыцыяй, з’явамі матэрыяльнай і нематэрыяльнай культуры, сучаснай беларускай дзіцячай літаратурай як элементам культуры. У працэсе навучання адбываецца эмацыянальнае і разумовае спасціжэнне вучнямі нацыянальных культурных адметнасцей беларускай літаратуры. У кантэксце культуралагічнага падыходу стымулюецца пазнавальная актыўнасць вучняў у спасціжэнні гістарычных, навукова-папулярных, вобразна-мастацкіх звестак пра Беларусь, яе прыроду, гісторыю, традыцыі, побыт, міфалогію і г. д.
У сувязі з тым што навучанне літаратурнаму чытанню мае выразныя сацыяльныя і псіхалагічныя перадумовы, а працэс авалодання дзейнасцю чытання індывідуалізаваны, вядучым метадалагічным падыходам навучання чытанню на беларускай мове з’яўляецца асобасна-арыентаваны падыход. Асобасна-арыентаваны падыход дае магчымасць авалодання чытацкай дзейнасцю па індывідуальнай адукацыйнай траекторыі, што гарантуе максімальнае развіццё вучня ў межах яго магчымасцей.
Камунікатыўна-дзейнасным падыходам абумоўлена рэалізацыя патэнцыялу вучэбнага прадмета «Літаратурнае чытанне» ў навучанні маўленню на беларускай мове. Чытацкая дзейнасць, фарміраванне якой адбываецца на ўроках літаратурнага чытання, з’яўляецца кампанентам (элементам) камунікатыўнай кампетэнцыі  і забяспечвае пасродкаваную камунікацыю праз пісьмовы тэкст. Камунікатыўна-дзейнасны падыход праяўляецца ў працэсе навучання, калі прачытаны ці праслуханы твор становіцца дзейсным сродкам развіцця маўленчых уменняў для задавальнення камунікатыўнага намеру, авалодання вучнямі нормамі маўленчых зносін, ажыццяўлення камунікацыі на беларускай мове. Змест вучэбнага прадмета «Літаратурнае чытанне» скіраваны на засваенне правіл этычных паводзін пры маўленчых зносінах у розных сітуацыях. Вучні знаёмяцца з этыкетнымі маўленчымі выразамі, на практычнай аснове вучацца прымяняць іх адпаведна камунікатыўнай сітуацыі.
Адукацыйны патэнцыял вучэбнага прадмета «Літаратурнае чытанне» праз прымяненне кампетэнтнаснага падыходу здольны забяспечыць фарміраванне ў навучэнцаў элементаў ключавых кампетэнцый, неабходных для выкарыстання вынікаў навучання ў сацыяльным жыцці асобы, яе развіцця і сацыяльнай адаптацыі. Чытацкая дзейнасць вучняў, авалоданне якой неабходна для набыцця камунікатыўнай кампетэнцыі, разглядаецца ў кантэксце кампетэнтнаснага падыходу ў трох аспектах: 1) як агульнавучэбнае ўменне; 2) як від маўленчай дзейнасці; 3) чытанне як літаратурна-эстэтычная дзейнасць.
У адпаведнасці з названымі метадалагічнымі падыходамі вызначаны прынцыпы адбору прадметнага зместу навучання: мастацка-эстэтычны і літаратуразнаўчы прынцыпы; прынцып уліку ўздзеяння на працэс навучання білінгвальнага асяроддзя; развіцця маўленчай дзейнасці; уліку ўзроставых і псіхалагічных асаблівасцей успрымання мастацкай літаратуры.
У адпаведнасці з мастацка-эстэтычным і літаратуразнаўчым прынцыпамі ў якасці вучэбнага матэрыялу прапануюцца высокамастацкія літаратурныя творы, адпаведныя ўзроставым псіхалагічным магчымасцям вучняў. Мастацка-эстэтычны прынцып з’яўляецца ўмовай падбору такога літаратурнага матэрыялу, каб вучні мелі магчымасць пазнаёміцца з найлепшымі творамі беларускай дзіцячай літаратуры, якія з’яўляюцца нацыянальна-культурнай спадчынай беларускага народа. Згодна з літаратуразнаўчым прынцыпам прапедэўтычны змест літаратурнай адукацыі адабраны такім чынам, каб забяспечыць бесканфліктны пераход да вывучэння беларускай літаратуры на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
Навучанне літаратурнаму чытанню ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму падпарадкоўваецца прынцыпу ўздзеяння на працэс навучання білінгвальнага асяроддзя. Гэты прынцып вызначае адбор зместу навучання, з дапамогай якога будзе пераадольвацца інтэрферэнцыйнае ўздзеянне рускай мовы пры фарміраванні навыку чытання, захаванні акцэнталагічнай нормы, разуменні лексічнага значэння слоў.
Прынцып развіцця маўленчай дзейнасці арыентуе на ўзаемазвязанае фарміраванне і развіццё ў вучняў маўленчых уменняў і навыкаў у працэсе чытання, слухання, гаварэння. На матэрыяле чытання пашыраецца і ўзбагачаецца слоўнікавы запас вучняў, фарміруюцца ўменні звязнага выкладу думак, засвойваюцца літаратурная і маўленчая нормы, развіваецца культура маўлення, культура суразмоўніцтва паміж настаўнікам і вучнямі.
Прынцып уліку ўзроставых і псіхалагічных асаблівасцей успрымання мастацкай літаратуры вызначае адбор у кола чытання вучняў разнастайных па тэматыцы і жанрах твораў з дынамічным сюжэтам, эмацыянальных, яркіх па форме і змесце. Гэтым прынцыпам вызначаецца ўзровень патрабаванняў да аб’ёму ведаў, уменняў і навыкаў вучняў па літаратурным чытанні, чытацкія ўменні, а таксама літаратуразнаўчыя ўяўленні, падыходы да аналізу мастацкага твора, структуры ўрока чытання.
Для рэалізацыі пастаўленых задач у адпаведнасці з кампетэнтнасным падыходам, які скіроўвае на прымяненне вынікаў навучання ў жыццядзейнасці, змест вучэбнага прадмета «Літаратурнае чытанне» размеркаваны па раздзелах: «Фарміраванне базавых норм грамадзянскай, духоўнай і маральнай культуры вучняў праз асэнсаванне твораў», «Фарміраванне навыку чытання і агульнавучэбных уменняў», «Фарміраванне чытацкіх уменняў», «Фарміраванне самастойнай чытацкай дзейнасці з кнігай (пазакласнае чытанне)», «Літаратурна-творчая дзейнасць і культура маўлення», «Фарміраванне ўяўленняў пра літаратуру як мастацтва слова».
Раздзел «Фарміраванне базавых норм грамадзянскай, духоўнай і маральнай культуры вучняў праз асэнсаванне твораў» вылучаны для мэтанакіраванага фарміравання ў вучняў сістэмы каштоўнасных арыенціраў, выхавання маральна-этычных якасцей. Фарміраванне гуманістычнага светапогляду, выхаванне сістэмы нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей адбываецца ў працэсе аналізу і маральнай ацэнкі ўчынкаў і падзей, паказаных у творы. На матэрыяле ўспрынятых твораў вучні атрымліваюць звесткі пра нацыянальныя адметнасці беларускай культуры і побыту, далучаюцца да нацыянальных культурных традыцый. Пры чытанні і асэнсаванні мастацкіх твораў ажыццяўляецца апасродкаваная сацыялізацыя вучняў. На прыкладзе паводзін герояў твораў яны атрымліваюць дзейсны вопыт рэфлексіі ўласных паводзін  і самавыхавання.
Пры фарміраванні навыку чытання, пра што гаворыцца ў раздзеле «Фарміраванне навыку чытання і агульнавучэбных уменняў», асноўная ўвага скіроўваецца на асэнсаванне вучнямі асаблівасцей чытання па-беларуску. З гэтай мэтай праводзіцца работа па авалоданні арфаэпічнымі (правільнае вымаўленне беларускіх гукаў [ў], [дз’], [дж], [г], [ж], [ч], [р], [ц’], спалучэння [шч], падоўжаных зычных, выразнае вымаўленне галосных, перадача націску) і графічнымі асаблівасцямі беларускай мовы (літары і, ў, апостраф), па ўсведамленні гэтых адрозненняў і іх паслядоўнай перадачы пры чытанні. У працэсе ўдасканалення тэхнікі чытання выпрацоўваецца правільнасць і асэнсаванасць чытання, авалоданне спосабамі чытання ўголас і сам сабе. Вырашаюцца задачы па фарміраванні ўменняў выразнага чытання праз усведамленне эмацыянальнага настрою твора і выкарыстанне сродкаў выразнасці (тон, тэмп, паўзы, лагічны націск). У адпаведнасці з кампетэнтнасным падыходам вучні павінны навучыцца карыстацца рознымі відамі чытання ў залежнасці ад задачы, якая ставіцца перад чытаннем тэксту.
У працэсе чытання і аналізу твораў гарманічна фарміруюцца навыкі чытання і комплекс чытацкіх уменняў, пералік якіх даецца ў раздзеле «Фарміраванне чытацкіх уменняў». На іх аснове вучні ўспрымаюць твор, асэнсоўваюць яго маральную праблематыку і эстэтычны план, выказваюць пра твор уласныя меркаванні. Асваенне вучнямі чытацкіх уменняў з’яўляецца неабходнай умовай фарміравання чытацкай кампетэнцыі.
У раздзеле «Фарміраванне самастойнай чытацкай дзейнасці з кнігай (пазакласнае чытанне)» акрэслены змест і спосабы дзейнасці, якімі павінны авалодаць вучні на занятках пазакласнага чытання. Самастойная праца вучня з кнігай з’яўляецца неад’емнай часткай фарміравання чытацкай дзейнасці, дае магчымасць удасканалення навыку чытання. Заняткі пазакласнага чытання маюць на мэце пашырэнне чытацкага кругагляду вучняў, фарміраванне ўменняў працаваць з кнігамі і свабодна арыентавацца ў свеце дзіцячых кніг беларускіх пісьменнікаў, дзіцячых перыядычных выданняў на беларускай мове, выхоўваць патрэбу ў самастойным чытанні. Веды пра кнігі і аўтараў набываюцца ў працэсе непасрэднай практычнай дзейнасці з дзіцячымі кнігамі — калектыўнай, індывідуальнай і групавой.
Навучальным матэрыялам для пазакласнага чытання з’яўляюцца кнігі. Для калектыўнай працы пад кіраўніцтвам настаўніка прапануюцца не хрэстаматыі, а ілюстраваныя кнігі з прозвішчам аўтара, назвай кнігі, ілюстрацыямі.
У працэсе навучання літаратурнаму чытанню вучні на практычным узроўні атрымліваюць першапачатковыя звесткі пра літаратуру як мастацтва слова. У змесце раздзела «Фарміраванне ўяўленняў пра літаратуру як мастацтва слова» вызначаны асноўныя літаратуразнаўчыя звесткі, з якімі вучні знаёмяцца ў працэсе працы з мастацкім творам. Веды пра літаратуру як мастацтва слова фарміруюцца на ўзроўні першапачатковых ведаў праз асваенне вобразнай функцыі мастацкага слова, усведамленне аўтарскай прыналежнасці твора, практычнае знаёмства з жанрамі.
Раздзел «Літаратурна-творчая дзейнасць і культура маўлення» вызначае змест камунікатыўна арыентаванай творчай працы на падставе прачытанага ці праслуханага твора. Ажыццяўленне літаратурна-творчай дзейнасці на ўроках літаратурнага чытання дае магчымасць актыўнага пашырэння і актывізацыі слоўніка вучняў, забяспечвае маўленчую практыку, спрыяе засваенню моўнай і маўленчай нормы, культуры маўленчых паводзін. На ўроках літаратурнага чытання фарміруюцца ўменні і навыкі гаварэння на беларускай мове. Творы мастацкай літаратуры з’яўляюцца прыкладамі правільнага маўлення і стымулююць выказванні вучняў на пэўную тэму, абуджаюць іх эстэтычныя пачуцці і творчы пачатак. У творах вучні назіраюць таксама трапнасць, выразнасць, дасціпнасць беларускай мовы, вучацца арыентавацца ў суразмоўніцтве, планаваць маўленчую дзейнасць, выбіраць моўныя сродкі, адпаведныя мэтам камунікацыі, ажыццяўляць камунікацыю ў адпаведнасці з этычнымі патрабаваннямі. Пры гэтым адбываецца пашырэнне і ўзбагачэнне слоўніка вучняў і яго актывізацыя, абуджаецца дзіцячая творчасць.
У ІІІ—ІV класах асноўная ўвага скіроўваецца на фарміраванне чытацкіх уменняў для паглыбленага асэнсавання літаратурнага твора, яго эстэтычнага ўспрымання. Праводзіцца праца па ўспрыманні навукова-папулярнага твора з мэтай падрыхтоўкі да навучання на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, захавання пераемнасці. Значная ўвага на занятках павінна адводзіцца фарміраванню інфармацыйных уменняў пошуку, асэнсаванага ўспрымання, абмеркавання і ацэнкі інфармацыі розных відаў, атрыманай з розных крыніц для матываванага вучэбнымі задачамі выкарыстання. Такая праца арганізуецца з выкарыстаннем адпаведных узросту перыядычных выданняў.
Працягваецца ўдасканаленне тэхнікі чытання, праводзіцца праца па развіцці артыкуляцыйнага апарату, пашырэнні поля зроку. Значная ўвага павінна быць нададзена фарміраванню ўменняў сама-  і ўзаемакантролю чытання.
Заняткі па фарміраванні самастойнай чытацкай дзейнасці  з кнігай (пазакласнае чытанне) у III класе праводзяцца згодна з методыкай асноўнага перыяду, а ў IV — заключнага перыяду навучання пазакласнаму чытанню. Заняткі пазакласнага чытання праводзяцца пасля вывучэння тэматычных раздзелаў кола чытання  і займаюць увесь час урока.
У III—IV класах фарміраванне самастойнай чытацкай дзейнасці абавязкова ўключае наведванне бібліятэк з мэтай выбару кніг для чытання. Для абуджэння цікавасці і пазнавальнай актыўнасці вучняў мэтазгодна (па магчымасці) наведваць сацыякультурныя ўстановы.
На ўроках літаратурнага чытання неабходна рэалізоўваць міжпрадметныя сувязі з іншымі вучэбнымі прадметамі: з беларускай мовай (складанне невялікіх апавяданняў пра герояў мастацкіх твораў, складанне працягу твора, знаходжанне слоў на вывучаныя арфаграфічныя правілы і інш.); з выяўленчым мастацтвам (разглядванне і слоўнае апісанне рэпрадукцый карцін па тэмах, сугучных тэмам вывучаемых твораў, ілюстраванне асобных эпізодаў мастацкага твора, удзел у выстаўках малюнкаў і іншых творчых работ паводле вывучаных твораў і г. д.); з музыкай (слуханне музычных твораў у адпаведнасці з мэтавымі ўстаноўкамі ўрока, назіранне за стварэннем вобразаў у літаратуры і музыцы, знаёмства з творамі музычнага мастацтва, у аснову якіх пакладзены паэтычныя творы, у тым ліку фальклорныя і інш.); з працоўным навучаннем (рамонт кніг, выраб кніг-самаробак, практычнае знаёмства з элементамі кнігі, выкарыстанне элементаў калектыўнай творчасці (аплікацыя, лепка паводле вывучаных мастацкіх твораў і інш).

Змест вучэбнага прадмета
 (70 гадзін, з іх 58 гадзін — чытанне раздзелаў вучэбнага дапаможніка і абагульненне ведаў па раздзелах чытання, 9 гадзін — пазакласнае чытанне, 2 гадзіны — абавязковы кантроль навыку чытання, 1 гадзіна — праверка сфарміраванасці чытацкіх уменняў)

Кола чытання
Жанравая разнастайнасць кола чытання: вершы, апавяданні, казкі, жарты, загадкі, скорагаворкі, гумарыстычныя творы, пазнавальныя артыкулы з выхаваўчым патэнцыялам.
Аўтарская разнастайнасць кола чытання: дзіцячыя творы класікаў беларускай літаратуры, творы класікаў беларускай дзіцячай літаратуры; высокамастацкія дзіцячыя творы сучасных аўтараў.
Творы вуснай народнай творчасці: малыя жанры (загадкі, жарты, скорагаворкі, прыказкі, лічылкі, прыкметы), казкі.

Асноўныя раздзелы чытання.  Рэкамендаваны пералік твораў
Рэкамендаваны пералік твораў складаецца са спісу твораў для чытання і вывучэння ў класе і спісу твораў для пазакласнага чытання.  Спіс твораў для пазакласнага чытання з’яўляецца пашыраным  і прыкладным. Ён мае рэкамендацыйны характар. Настаўнік выбірае для пазакласнага чытання тыя творы, якія прадстаўлены ў кніжных фондах бібліятэкі ўстановы адукацыі і раённай бібліятэкі.
1. Прыгожая птушка пер’ем, а чалавек вучэннем
(5 гадзін, з іх 1 гадзіна — на пазакласнае чытанне)
Для чытання і вывучэння ў класе
Лідзія Арабей. «Новы сшытак».
Ніна Галіноўская. «Дзень добры, школа!».
Ніл Гілевіч. «Калі ранец лёгкі i калі цяжкі?».
Мар’ян Дукса. «Ці так чытала?».
Прыказкі пра адносіны да вучэння.
Васіль Хомчанка. «Крыўда».
Для пазакласнага чытання
Эдзі Агняцвет. «Грамацеі», «Параска і падказка», «Свята кнігі».
Ядвіга Бяганская. «Цяжкая задача».
Артур Вольскі. «Непералётны вырай».
Мікола Гіль. «Першы настаўнік».
Авяр’ян Дзеружынскі. «Алё, Але», «Балбатуха Міла».
Мар’ян Дукса. «Скарга кнігі», «Хітры дзённік».
Алесь Жук. «Урок».
Якуб Колас. «Юрачка».
Уладзімір Корбан. «Тры вучні».
Валянцін Лукша. «Тэлефон».
Алена Масла. «Як з’явіўся апостраф».
Міхась Пазнякоў. «Мая бібліятэка».
Паўлюк Прануза. «Цяжкая дарожка».
Адам Русак. «Мой сябра».
Васіль Хомчанка. «Коска».
Уладзімір Юрэвіч. «Караблік».
Аляксей Якімовіч. «Аб чым спрачаліся кнігі?».
2. Увосень і верабей багаты
(6 гадзін, з іх 1 гадзіна — на пазакласнае чытанне)
Для чытання і вывучэння ў класе
Пятрусь Броўка. «Надыход восені».
Сяргей Грахоўскі. «Восень».
Рыгор Ігнаценка. «Лістападнік».
Якуб Колас. «Ясныя дні восені».
Янка Купала. «Лістапад».
Станіслаў Шушкевіч. «Гусанькі».
Восеньскія песні.
Народныя загадкі пра восеньскія з’явы прыроды.
Для пазакласнага чытання
Ірына Багдановіч. «Восень».
Анатоль Бутэвіч. «Прыгоды лісціка-карунчыка».
Артур Вольскі. «У верасні».
Васіль Вітка. «Лістапад».
Вера Вярба. «Гусі клічуць у вырай».
Ніна Галіноўская. «Восень у лесе».
Уладзімір Дубоўка. «Залатая, асенняя раніца!», «Мядзведзь».
Васіль Жуковіч. «Адляцелі жураўлі».
Рыгор Ігнаценка. «Баравікі ў хусцінках», «Грыбнік».
Якуб Колас. «Восень».
Пятрусь Макаль. «Асенняе».
Іван Навуменка. «Падранены журавель», «Пачыналася восень».
Язэп Пушча. «Залатая пара».
Купальскія песні.
Цётка. «Чаму птушкі адлятаюць».
Станіслаў Шушкевіч. «Лістапад».

3. Чалавек без Радзімы, што салавей без песні
(7 гадзін, з іх 1 гадзіна — на пазакласнае чытанне)
Для чытання і вывучэння ў класе
Пятрусь Броўка. «Песня хлебу».
Уладзімір Мяжэвіч. «Цяцерка».
Мікола Мятліцкі. «На мове роднай».
Пімен Панчанка. «Песня пра Мінск».
Адам Русак. «Мой край».
Уладзімір Ягоўдзік. «Бусел».
Прыказкі пра адносіны да Радзімы.
Для пазакласнага чытання
Эдзі Агняцвет. «Зямля з блакітнымі вачамі».
Алесь Бадак. «Маленькі чалавек у вялікім свеце».
Беларуская народная казка «Жаронцы».
Данута Бічэль. «Белая Русь».
Артур Вольскі. «Роднае слова», «Беларусь — мая Радзіма».
Віталь Вольскі. «Беларускае мора».
Пятро Глебка. ***О Беларусь, мая калыска...
Авяр’ян. Дзеружынскі. «Я спяваю, ты спявай!», «Прамяніся ярчэй  і ярчэй».
Васіль Жуковіч. «Няма даражэйшай зямлі», «Радзімаю нашай край гэты завецца…».
Уладзімір Караткевіч. «Родная зямля».
Алесь Карлюкевіч. «Рыбнае царства».
Уладзімір Карызна. «Наша Беларусь», «Роднае слова».
Анатоль Клышка. «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» («Зала сарака», «У слаўным горадзе Полацку»).
Якуб Колас. «Родныя вобразы».
Янка Купала. «Сын і маці».
Легенда «Адкуль пайшлі беларусы».
Уладзімір Мазго. «Беларуска».
Паданне «Добры Жыцень».
Паданне пра Жыцень.
Міхась Пазнякоў. «У родным краі», «Родныя назвы».
Алесь Пісьмянкоў. «Цымбалы».
Янка Сіпакоў. «Першы астраном».
Максім Танк. «Лемантар»,«Хлеб».
Уладзімір Ягоўдзік. «Слуцкія паясы», «Славутыя людзі Зямлі нашай роднай. Крыж-святыня».

4. Добры чалавек і жывёлу шкадуе
(7 гадзін, з іх 1 гадзіна — на пазакласнае чытанне)
Для чытання і вывучэння ў класе
Эдзі Агняцвет. «Чаму ў трывозе Дзед Мароз?».
Ніна Галіноўская. «Сябры прыроды».
Авяр’ян Дзеружынскі. «Добрае сэрца».
Якуб Колас. «Ластаўкі».
Аляксей Якімовіч. «Ножык».
Народныя загадкі пра жывёл.
Для пазакласнага чытання
Эдзі Агняцвет. «Рэчка, рэчанька».
Лідзія Арабей. «Мікіткаў сон».
Алесь Асіпенка. «Прыгожая лісіца».
Змітрок Бядуля. «Скарб».
Алена Васілевіч. «Пажар», «Калінавая рукавічка».
Галіна Васілеўская. «Як кот грыбы збіраў».
Артур Вольскі. «Свой заяц у лесе».
Віталь Вольскі. «Лёс Дункана» («Хто такі Дункан?», «Сіротка», «Гульні на двары», «Сутычка з грозным веліканам»), «Чомга. У лясніцтве. На лясным возеры. Дзіўная птушка».
Міхась Даніленка. «Журка».
Авяр’ян Дзеружынскі. «Азбука птушак».
Уладзімір Дубоўка. «Шануйце ўсё жывое».
Мар’ян Дукса. «Сябры».
Кастусь Жук. «Зямныя лекары».
Васіль Жуковіч. «Слухай родную прыроду».
Якуб Колас. «Савось-распуснік».
Легенды «Адкуль зязюля ўзялася», «Адкуль узяўся мядзведзь».
Уладзімір Ліпскі. «Дабрадзей для ўсіх дзяцей», «Юні-Юні клапоціцца пра здароўе», «Чырвоная кніга».
Уладзімір Мазго. «Лайдак і Шпак».
Георгій Марчук. «Добрае сэрца», «Як Агапка мальвы ўратавала».
Таццяна Мушынская. «Мая рабіна».
Рыгор Няхай. «Белая бярозка».
Міхась Пазнякоў. «Бярозка».
Алесь Пальчэўскі. «Верабейчык», «Крыўда», «Экзамен».
Яраслаў Пархута. «I заяц стаў зайцам...», «Лесавічок» (Казка пятая. «Шалястунчыкі». Казка сёмая. «Пацерка». Казка адзінаццатая. «Сараканожка». Казка трынаццатая. «Ластаўчыны дзеткі»).
Генадзь Пашкоў. «Добрым будзь!».
Зіновій Прыгодзіч. «Выратаванне ластаўкі».
Галіна Пшонік. «Каштанчык».
Аляксей Пысін. «Пісьмо птушак».
Пятро Рунец. «Ліпка».
Андрэй. Хадановіч. «Хто жыве на дне ракі?».
Васіль Хомчанка. «Дзядоўнік».
Васіль Шырко. «Дзіўны кот».
Мікола Янчанка. «Яблычак».

5. Зімовы дзянёк, што камароў насок
(7 гадзін, з іх 1 гадзіна — на пазакласнае чытанне)
Для чытання і вывучэння ў класе
Ніл Гілевіч. «Снежны дзед».
Васіль Жуковіч. «Цудоўныя святы».
Якуб Колас. «Надышлі марозы…».
Мікола Маляўка. «Белыя ключы».
Васіль Хомчанка. «Елка з белымі кветкамі».
Калядныя песні.
Народныя прыкметы пра зіму.
Для пазакласнага чытання
Генадзь Аўласенка. «Хто як зімуе».
Артур Вольскі. «Калядкі».
Віктар Дайліда. «Добрая фея».
Міхась Даніленка. «Ключы бабулі Зімы», «Зімовая азбука».
Васіль Жуковіч. «Старажытны звычай», «Зіма», «Першы снег», «Калі прыходзіць Дзед Мароз?».
Янка Журба. «Дзед Мароз».
Рыгор Ігнаценка. «Ягады пад снегам».
Клаўдзія Каліна. «Люты», «Зімовы дуб».
Уладзімір Карызна. «Гуканне Дзеда Мароза», «Навагодняя песенька».
Якуб Колас. «Дзед-госць», «Зіма», «Першы снег».
Касндрат Крапіва. «З Новым годам».
Пятрусь Макаль. «Бялее снег пушысты».
Уладзімір Мацвеенка. «Ёлка-вясёлка».
Масленічныя песні.
Адам Русак. «Сінічка».
Алесь Ставер. «Зіма».
Мікола Хведаровіч. «Ля хат высокія сумёты».
Мікола Чарняўскі. «Ёлка», «Ліса-калядоўшчыца».

6. Як ты да людзей, так і людзі да цябе
(8 гадзін, з іх 1 гадзіна — на пазакласнае чытанне)
Для чытання і вывучэння ў класе
Эдзі Агняцвет. «Вельмі “ветлівы” Мікіта».
Ідзія Арабей. «Добрая фея».
Уладзімір Караткевіч. «Жабкі і чарапаха».
Ніна Мацяш. «Залатое сэрца».
Паўлюк Прануза. «Сёння ў Толі выхадны».
Мікола Янчанка. «А таму!».
Прыказкі пра адносіны да людзей.
Для пазакласнага чытання
Эдзі Агняцвет. «Ледзянцы».
Генадзь Аўласенка. «Як мухаморы вайну пачыналі».
Алесь Бачыла. «Колькі кот набіў пасуды».
Беларуская народная казка «Людзей слухай, а свой розум май».
Ядвіга Бяганская. «Аленчыны канькі».
Галіна Васілеўская. «Усмешка».
Алесь Дудараў. «Пухнацік».
Еўдакія Лось. «Казка пра Ласку».
Уладзімір Мазго. «Света з інтэрнэта».
Пятрусь Макаль. «Пакліч у госці сонца».
Алена Масла. «Зорачка».
Іван Муравейка. «Шкадлівы камень», «Яблыкі для сястрычкі».
Алесь Пальчэўскі. «Добрае слова».
Таццяна Сівец. «Вандроўка на Паўночны полюс».
Даір Слаўковіч. «Віншаванне», «Селядцы на градзе».
Мікола Янчанка. «Адведалі».

7. Добрае дзіця бацькоў думкі згадвае
(5 гадзін, з іх 1 гадзіна — на пазакласнае чытанне)
Для чытання і вывучэння ў класе
Генадзь Аўласенка. «Чыя мама лепшая?».
Беларуская народная казка «Зайздросны дзядзька».
Беларуская народная казка «Недалікатны сын».
Артур Вольскі. «Хачу служыць».
Іван Муравейка. «Лыжкай па лбе».
Іван Шамякін. «Пастух».
Калыханкі, забаўлянкі, пацешкі, прыказкі пра ўзаемаадносіны ў сям’і.
Для пазакласнага чытання
Эдзі Агняцвет. «Будзь верным, добрым сынам!».
Лідзія Арабей. «Мама».
Беларускія народныя казкі «Стралец і рыбак», «Каток — залаты лабок»
Тамара Бунта. «Далонькі з пушынкамі».
Алена Васілевіч. «Мая гаспадарка», «Вернісаж».
Пятро Васючэнка. «Жаласлівая прынцэса».
Алесь Гарун. «Матчыны словы».
Міхась Даніленка. «Самыя дарагія падарункі».
Уладзімір Дубоўка. «Пра дзеда і ўнука».
Мар’ян Дукса. «Татава машына».
Васіль Жуковіч. «Дзіўны горад».
Васіль Зуёнак. «Смачны сон».
Уладзімір Ліпскі. «Прыгоды Нуліка» («Хто такі Нулік», «Міколка-ратавальнік», «Першыя крокі»).
Янка Маўр. «Шчасце».
Народныя забаўлянкі і лічылкі.
Ларыса Рублеўская. «Прыгоды мышкі Пік-Пік» («Як тата стаў супермэнам», «Мышка Пік-Пік робіць сабе макіяж»).
Васіль Ткачоў. «Дарога».
Іван Шамякін. «Хітруння».

8. Вясенні дзень год корміць
(7 гадзін, з іх 1 гадзіна — на пазакласнае чытанне)
Для чытання і вывучэння ў класе
Максім Багдановіч. «Перад паводкай».
Уладзімір Карызна. «Лісце прыляцела».
Якуб Колас. «Вясна» (1 частка).
Мікола Мятліцкі. «Пытанні».
Адам Русак. «Мама».
Фальклорныя творы: вясновыя песні.
Для пазакласнага чытання
Алесь Бачыла. «Мама».
Антон Бялевіч. «Вясёлка над полем».
Зоська Верас. «Сонейка грэе».
Васіль Вітка. «Вялікдзень».
Артур Вольскі. «Упарты снег».
Янка Галубовіч. «Не пакінулі ў бядзе», «Салодкі кляновік», «Вясна».
Міхась Даніленка. «Голас вясны».
Васіль Жуковіч. «Гуканне вясны».
Клаўдзія Каліна. «Песня вясны».
Анатоль Клышка. «Сыход зімы».
Якуб Колас. «Першы гром», «Краска».
Янка Купала. «Вясна».
Мікола Маляўка. «Вішнёвае воблачка».
Іван Муравейка. «Страшны звер».
Паўлюк Прануза. «Ручаёк».
Юрась Свірка. «Свята».
Максім Танк. «Галінка і вярбінка», «Ірынка», «Садзіце лясы!».
Мікола Хведаровіч. «Ластаўкі», «Пралескі», «Красавік».
Кастусь Цвірка. «Коцікі».
Цётка. «Гутаркі аб птушках».
Уладзімір Ягоўдзік. «Вялікая сініца і яе сястрыца», «Два браты — вераб’і».

9. Хто хоча шчасліва жыць,
той працу  павінен любіць
(6 гадзін, з іх 1 гадзіна — на пазакласнае чытанне)
Для чытання і вывучэння ў класе
Эдзі Агняцвет. «Буду настаўнікам».
Беларуская народная казка «Лёгкі хлеб».
Міхась Даніленка. «Маленькі фермер».
Уладзімір Ліпскі. «Медсястра».
Змітрок Марозаў. «Тата ў Ромы — аграном».
Іван Муравейка. «Паўлік-будаўнік».
Прыказкі пра адносіны да працы.
Для пазакласнага чытання
Эдзі Агняцвет. «Саўка за сталом».
Анатоль Астрэйка. «Размова аб прафесіях».
Ядвіга Бяганская. «Сланечнікі».
Васіль Вітка. «Хто што робіць».
Артур Вольскі. «Ад А да Я прафесія мая», «Сталяры».
Віктар Гардзей. «Мой тата — трактарыст».
Сяргей Грахоўскі. «Касманаўты».
Хведар Гурыновіч. «Маленькая даярка».
Сяргей Дзяргай. «Зерне».
Васіль Жуковіч. «Выбіраю прафесію».
Хведар Жычка. «Рэгуліроўшчык».
Казімір Камейша. «Ганчары».
Кастусь Кірэенка. «Вучуся ў таты».
Янка Купала. «Сыны».
Уладзімір Ліпскі. «Умею — не ўмею», «Пра хлопчыка “Ай”».
Мікола Маляўка. «Як дом будавалі».
Міхась Пазнякоў. «Побач з татам».
Павел Пруднікаў. «Будаўнік».
Даір Слаўковіч. «Калі растуць агуркі».
Яўген Хвалей. «Урок працы».
Мікола Чарняўскі. «Змайстравалі сані».
Станіслаў Шушкевіч. «Казка-быль пра рэпку».

10. Мірна жыць — шчаслівым быць
(5 гадзін)
Для чытання і вывучэння ў класе
Міхась Даніленка. «Ордэн».
Алесь Махнач. «Юныя абаронцы».
Іван Муравейка. «На вайне і не такое бывае» («Подзвіг ката Марціна»).
Міхась Пазнякоў. «Помнік герою».
Барыс Сачанка. «Хлеб».
Для пазакласнага чытання
Эдзі Агняцвет. «Мой горад Мінск у час ваенны».
Мікола Гіль. «Партызанскі фотаздымак».
Леанід Дайнека. «Прынясіце кветкі салдатам».
Авяр’ян Дзеружынскі. «Крынічка партызанская».
Алесь Дудараў. «Буслы».
Васіль Жуковіч. «Бусел над Хатынню».
Мікола Маляўка. «Дзякуй за мір, перамога!».
Іван Муравейка. «На вайне і не такое бывае» («Адважны»).
Іван Стадольнік. «Боты».

11. Хто спортам займаецца, той сілы набіраецца
(4 гадзіны)
Для чытання і вывучэння ў класе
Мікола Маляўка. «Будзем біць рэкорды», «Велагонка».
Ніл Гілевіч. «Сябры ў паходзе».
Віктар Шымук. «Канікулы».

Фарміраванне базавых норм грамадзянскай,  духоўнай і маральнай культуры вучняў  праз асэнсаванне твораў
Вызначэнне з дапамогай настаўніка і калектыўнае асэнсаванне маральна-этычнай праблематыкі твора (адносіны да Радзімы і людзей, навакольнага асяроддзя, уласнай працы і працы іншых людзей і г. д.).
Вызначэнне з дапамогай настаўніка праяў чалавечых якасцей і пачуццяў праз учынкі персанажаў твораў (павага, кемлівасць, спагадлівасць, дасціпнасць, спрыт, розум, працавітасць, смеласць, любоў, сяброўства, міласэрнасць, дабро, зло, гонар, сумленне, абавязак, праўдзівасць, добразычлівасць, хцівасць і інш.).
Калектыўнае знаходжанне ў творы і перажыванне эстэтычных пачуццяў — адчування прыгожага, замілавання малюнкам прыгожага, захаплення выразнасцю мовы.
Вызначэнне з дапамогай настаўніка і каштоўнаснае асэнсаванне культуралагічнай інфармацыі ў творы (беларускія народныя традыцыі, элементы бытавой і духоўнай культуры, нацыянальныя рысы характару).
Знаёмства з традыцыйнымі народнымі абрадавымі святамі (саракі, дзяды, купалле, масленіца, каляды) на матэрыяле фальклорных твораў.
Знаёмства на матэрыяле літаратурных твораў са светапоглядам беларусаў, нацыянальнымі сімваламі (слуцкія паясы, Белая вежа, Белавежская пушча, Брэсцкая крэпасць і інш.), арганізацыя пошуку дадатковай тэкставай і ілюстрацыйнай інфармацыі пра іх  з розных крыніц.
Арганізацыя пошуку тэкставай і ілюстрацыйнай інфармацыі пра кнігі і пісьменнасць (вытворчасць старажытных і сучасных кніг).

Фарміраванне навыку чытання  і агульнавучэбных уменняў
Развіццё правільнага і асэнсаванага чытання ўголас цэлымі словамі (дазваляецца чытанне па складах цяжкіх для разумення і шматскладовых слоў).
Удасканаленне навыкаў правільнага вымаўлення гукаў [ў], [дз’], [дж], [г], [ж], [ч], [р], [ц’], спалучэння [шч], падоўжаных зычных, фарміраванне ўмення захоўваць акцэнталагічныя нормы пры чытанні.
Паступовы пераход да чытання сам сабе, змяненне тэмпу чытання ў залежнасці ад узроўню разумення ў працэсе чытання.
Практыкаванні ў розных відах чытання: раўнамерна-ўважлівае, вывучальнае (паглыбленае), праглядавае, азнаямляльнае, выбарачнае.
Знаходжанне твора ў вучэбным дапаможніку, арыентуючыся на змест. Выкананне заданняў, пазначаных у рубрыках. Знаходжанне назвы твора, імя і прозвішча яго аўтара.
Развіццё ўмення вызначаць мэту выразнага чытання з дапамогай настаўніка (што трэба перадаць слухачам пры чытанні). Прымяненне сродкаў выразнасці пры чытанні: выбіраць тон у адпаведнасці з эмацыянальным станам дзейнай асобы, выдзяляць з дапамогай лагічнага націску важныя ў сэнсавых адносінах словы.
Ажыццяўленне сама- і ўзаемакантролю правільнасці і выразнасці чытання ўголас.

Фарміраванне чытацкіх уменняў
Прагназаванне зместу да чытання твора па загалоўку і пачатку, ключавых словах, адабраных настаўнікам, ілюстрацыях, а таксама ў працэсе чытання па пытаннях настаўніка.
Работа над загалоўкам твора: аналіз загалоўка адносна зместу твора, падбор загалоўка ў адпаведнасці з тэмай ці галоўнай думкай твора.
Работа над мовай твора: вылучэнне незразумелых слоў і выразаў, высвятленне іх значэння праз кантэкст, пераклад з дапамогай слоўніка, вызначэнне вобразных слоў і выразаў з дапамогай настаўніка, дыферэнцыяцыя значэнняў слоў, падобных па гучанні ў беларускай і рускай мовах.
Работа над вобразам персанажа: вызначэнне дзейных асоб твора, іх аўтарская і ўласная характарыстыка. Знаходжанне ў тэксце матэрыялу для характарыстыкі героя: чытанне і аналіз партрэта героя, апісання яго жылля, мовы. Роздум над учынкамі герояў, над аўтарскімі адносінамі да іх. Падбор урыўкаў з твора для аргументацыі.
Работа над зместам і ідэяй твора: узнаўленне ва ўяўленні малюнкаў жыцця, зробленых пісьменнікам. Устанаўленне прычынна-выніковых сувязей паміж падзеямі ў творы. Суаднясенне дзейнай асобы і ўчынка. Падзел твора на сэнсавыя часткі, прыдумванне загалоўкаў да частак у рознай форме (апавядальныя, пытальныя, назыўныя сказы). Асэнсаванне таго, што хацеў сказаць аўтар, для чаго ён напісаў гэты твор. Самастойнае вызначэнне тэмы твора. Фармулёўка галоўнай думкі з дапамогай настаўніка як вынік разумення характараў і ўчынкаў герояў. Выказванне сваіх адносін да прачытанага. Назіранне за формай апавядання (хто распавядае: аўтар ці герой?). Назіранне за будовай верша (вершаваны радок, рытм і рыфма, вобразная мова), вызначэнне агульнага эмацыянальнага настрою паэтычнага твора.
Работа па асэнсаванні асобаснага стаўлення да твора: выказванне ўласных адносін да персанажа і яго ўчынку.

Фарміраванне самастойнай чытацкай  дзейнасці з кнігай
(пазакласнае чытанне, асноўны этап, 9 гадзін)
Арганізацыя сістэматычнага чытання кніг, перыядычных выданняў з абмеркаваннем прачытанага на ўроках.
Арыентацыя ў коле кніг па рэкамендацыйным спісе (мэтавае наведванне бібліятэкі, выкананне правіл карыстання бібліятэкай, першасныя ўменні карыстання электронным каталогам бібліятэк пад кіраўніцтвам настаўніка (бібліятэкара), самастойны выбар  і чытанне кніг, рэкамендаваных настаўнікам).
Прагназаванне зместу кнігі да яе чытання па інфармацыі на вокладцы, тытульным лісце, знаходжанне твора па змесце.
Складанне расповеду аб прачытанай кнізе (героі кнігі, самы запамінальны эпізод у кнізе, з чаго пачалося дзеянне, што адбылося, чым закончылася; суаднясенне ілюстрацый у кнізе са зместам твора, вызначэнне, чым цікавая для мяне як чытача прачытаная кніга).
Практычнае знаёмства са структурнымі элементамі кнігі: тытульны ліст, змест, раздзел.
Практычнае знаёмства з відамі кніг: зборнікі аднаго аўтара, розных аўтараў, даведнікі, энцыклапедыі і інш.

Фарміраванне ўяўленняў пра літаратуру як мастацтва слова
Вызначэнне асаблівасцей верша і апавядання, знаходжанне гэтых асаблівасцей у прачытаных творах.
Практычнае засваенне ў працэсе працы над творам значэння слоў аўтар, пісьменнік, тэма, галоўная думка, падзея, сувязь падзей, герой (дзейная асоба, персанаж), учынак, характарыстыка героя, пейзаж (карціна прыроды), рыфма, рытм, казка, апавяданне, верш, змест рэальны і чарадзейны, эпізод.
Агульнае прадстаўленне на прыкладзе мовы твораў пра мнагазначнасць слова, пераноснае значэнне слова, народныя параўнанні, устойлівыя выразы, прыказкі, прымаўкі.
Персаналіі класікаў беларускай літаратуры: Янка Купала, Якуб Колас.
Устанаўленне суадносін аўтар — твор — кніга (кнігі).

Літаратурна-творчая дзейнасць і культура маўлення
Выразнае чытанне па ролях фрагментаў твораў.
Інсцэніраванне эпізодаў з прачытанага твора.
Слоўнае маляванне дзейнай асобы, карціны прыроды.
Падрабязны пераказ апавядальнага тэксту ці яго часткі па калектыўна складзеным плане.
Прыдумванне папярэдніх ці заканчэнне апісаных у творы падзей.
Складанне вуснага выказвання па ілюстрацыі, серыі малюнкаў і апорных словах з дапамогай настаўніка.
Выбар патрэбнай інтанацыі ў вусным маўленні.
Ацэнка пачутага маўлення (правільнасць, лагічнасць).
Пашырэнне ведаў маўленчага этыкету (этыкетныя формы вітання, развітвання, удзячнасці, прабачэння) разыгрыванне сітуацый і вядзенне дыялогаў з іх выкарыстаннем.
Развучванне вершаў па частках і выразная дэкламацыя.
Этыка маўленчых паводзін у размове па тэлефоне, пры віншаванні, знаёмстве, запрашэнні.

АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ ДА ВЫНІКАЎ
ВУЧЭБНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ
В е д а ц ь:
·  прозвішчы аўтараў, назвы і змест 5 твораў, якія вывучаліся;
·  на памяць вершы:
Я. Купала. «Лістапад»,
А. Русак. «Мой край»,
Н. Галіноўская. «Сябры прыроды»,
Я. Колас. «Надышлі марозы...»,
У. Карызна. «Лісце прыляцела»,
Э. Агняцвет. «Буду настаўнікам»,
М. Багдановіч. «Перад паводкай»,
В. Шымук. «Канікулы»;
·  правілы наведвання бібліятэкі.
М е ц ь  першасныя  ў я ў л е н н і:
·  пра асаблівасці і жанравую разнастайнасць фальклорных твораў і іх сувязь з народнымі абрадавымі святамі;
·  жанравыя асаблівасці верша і апавядання;
·  сродкі мастацкай выразнасці (мнагазначнасць слова, пераноснае значэнне слова, народныя параўнанні, устойлівыя выразы).
У м е ц ь (валодаць спосабамі пазнавальнай дзейнасці):
·  правільна і асэнсавана чытаць сам сабе з хуткасцю, якая не перашкаджае разуменню;
·  выразна (пасля папярэдняй падрыхтоўкі), правільна і асэнсавана чытаць уголас цэлымі словамі (незразумелыя і шматскладовыя словы па складах) з захаваннем інтанацыі сказа, паўз, патрэбнага тону і тэмпу, перадаваць рытм пры чытанні верша;
·  чытаць па ролях дыялогі герояў, асобныя эпізоды твора;
·  ацэньваць правільнасць і выразнасць уласнага і праслуханага чытання;
·  вызначаць вучэбную задачу чытання: што, з якой мэтай трэба прачытаць;
·  планаваць (называць паслядоўнасць) і ажыццяўляць дзейнасць па падрыхтоўцы да пераказу, выразнага чытання, чытання па ролях;
·  прагназаваць змест да чытання твора па загалоўку і пачатку, ключавых словах, адабраных настаўнікам, ілюстрацыях,  а таксама ў працэсе чытання па пытаннях настаўніка;
·  вылучаць незразумелыя словы і выразы, высвятляць іх значэнне праз кантэкст, пераклад з дапамогай слоўніка;
·  вызначаць вобразныя словы і выразы з дапамогай настаў-ніка;
·  вызначаць дзейных асоб, называць галоўнага героя, вызначаць яго ўчынак, прычыну ўчынку;
·  знаходзіць у творы словы, якія паказваюць эмацыянальны стан дзейнай асобы, адносіны аўтара да героя, і даваць характарастыку герою твора;
·  вылучаць у творы і маляваць словамі карціну прыроды;
·  вылучаць сэнсавыя часткі апавядальнага твора, вызначаць галоўнае ў кожнай частцы;
·  самастойна падрабязна пераказваць невялікі апавядальны тэкст ці яго частку па калектыўна складзеным плане;
·  прыводзіць прыклады верша, казкі з вывучаных твораў;
·  самастойна арыентавацца ў кнізе па змесце;
·  вызначаць прыкладны змест кнігі па яе знешніх паказчыках (прозвішча аўтара, загаловак, ілюстрацыі на вокладках і ў кнізе);
·  самастойна выбіраць кнігі для чытання па прапанаванай настаўнікам тэме з дапамогай кніжнай выстаўкі або адкрытага падыходу да кніжных паліц;
·  дарэчна ўжываць словы аўтар, пісьменнік, тэма, галоўная думка, падзея, сувязь падзей, герой (дзейная асоба, персанаж), учынак, характарыстыка героя, пейзаж (карціна прыроды), рыфма, рытм, казка, апавяданне, верш, змест рэальны і чарадзейны, эпізод;
·  прыводзіць прыклады верша і апавядання, называць іх жанравыя асаблівасці ў прачытаных творах;
·  адбіраць кнігі ў бібліятэцы па рэкамендацыйным спісе;
·  расказваць пра прачытаную кнігу па гатовым плане.
Выкарыстоўваць набытыя веды і ўменні ў практычнай дзейнасці і паўсядзённым жыцці:
·  асэнсавана выбіраць і чытаць кнігі, перыядычныя выданні, адпаведныя ўзросту, абменьвацца думкамі аб прачытаным;
·  асэнсавана ўспрымаць вусную і пісьмовую інфармацыю для задавальнення пазнавальных інтарэсаў;
·  ацэньваць уласныя паводзіны і жыццёвыя сітуцыі з пазіцый маральных норм і культурных каштоўнасцей;
·  узбагачаць эмацыянальна-каштоўнасны вопыт праз успрыманне твораў розных відаў мастацтва, даваць ім свою ацэнку.

Кантрольныя работы:
праверка навыку чытання — 2 (1 — I паўгоддзе, 1 — II паўгоддзе);
праверка сфарміраванасці чытацкіх уменняў — 1 (II паўгоддзе).


Комментариев нет:

Отправить комментарий